СТРУКТУ́РА ГЛЕ́БЫ,
асобныя агрэгаты глебы, камякі розных памераў, формы, якаснага саставу, на якія яна распадаецца ў стане спеласці (гл. Спеласць глебы). Кожны агрэгат мае складаную будову, з’яўляецца комплексам мех. элементаў (гл. Грануламетрычны склад глебы), якія звязаны ў мікра- і макраагрэгаты гумусам, калоідамі, каранямі раслін і інш. Паводле формы агрэгатаў вылучаюць С.г. глыбістую, арахаватую, зярністую, слупчастую, прызматычную і інш. Ад С.г. залежыць урадлівасць глебы. Найб. аптымальная камякавата-зярністая С.г., памер агрэгатаў 0,25—10 мм. Разбураецца С.г. механічна пры шматразовай апрацоўцы, таксама ў выніку хім. і мікрабіял. працэсаў. Для аднаўлення С.г. сеюць шматгадовыя травы, уносяць арган. ўгнаенні і інш. На Беларусі пераважаюць дзярнова-падзолістыя бесструктурныя глебы.
т. 15, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)